Свята "Вас запрашае "Батлейка”
Як вы думаеце, зайздрасць – гэта загана характару або проста нязначны недахоп? Напэўна, не раз на дзень прамільгнуць зайздрослівыя думкі ў адносінах да таго, хто атрымаў лепшую адзнаку, прынёс новы тэлефон або прыбраўся ў прыгожае адзенне. А колькі прычын для зайздрасці ў дарослых! Лепшая праца, кватэра, машына, адносіны ў сям’і, дзеці … А потым з зайздрасці вырастаюць няшчырасць, крывадушнасць, хітрасць, хлусня, паклёп, шкодныя ўчынкі.
Пра цяжкія наступствы зайздрасці цудоўна расказалі – і паказалі – удзельнікі лялечнага тэатра “Батлейка” вучні 6 ”Б” класа Шылёнак Яўгеній,Морхат Сняжана, Кабылінскі Яўгеній, Пісарэнка Вольга, Лаўрыновіч Віталій, Саланінка Дзіяна, Толч Вадзім. 27 і 28 мая ў СШ № 1 г.Глыбокае адбылося свята “Вас запрашае “Батлейка”.
Гледачамі былі вучні 1 – 7 класаў.
Вядучыя святочнай праграмы Шылёнак Яўгеній і Морхат Сняжана расказалі пра старажытнае паходжанне батлейкі як своеасаблівага тэатра – тэатра лялек, першую п’есу “Цар Ірад”, якую паказвалі вандроўныя артысты, развіццё беларускага лялечнага тэатра на сучасным этапе, а іх аповед пацвярджалі відэаслайды. Затым была прадэманстравана першая п’еса па казцы Васіля Жуковіча “Сцяпан і Бяда”, дзе Шылёнак Яўгеній (Сцяпан), Кабылінскі Яўгеній (Іван) і Морхат Сняжана (Бяда, Казачніца) паказалі цікавую гісторыю пра двух братоў – беднага брата Сцяпана і багатага Івана, да якіх завітала Бяда. Праўда, Сцяпан змог ад яе пазбавіцца, а Іван сам прывёў яе – для брата. А Бяда засталася з ім!
Што ж я нарабіў! Што ж я натварыў!
З зайздрасцю ў згодзе сам сабе нашкодзіў!
Зразумеў гэта Іван, але было ўжо позна. Пазайздросціў таксама і герой казкі Івана Сідарука “Салдат і Смерць” – сквапшы Купец. Салдат (Лаўрыновіч Віталій), вяртаючыся са службы дадому, накарміў Жабрака (Саланінка Дзіяна) апошняй скарынкай хлеба, а той аддзячыў яму, падарыўшы чарадзейную кайстру. Варта было толькі вымавіць ”У кайстру – шаць!”, як спаўнялася любое жаданне. Купец (Толч Вадзім) спачатку папрасіў Салдата выбавіць новы палац ад Смерці (Пісарэнка Вольга), але затым, убачыўшы цуды чарадзейнай кайстры, вырашыў яе падмяніць, выпусціўшы Смерць на Салдата. Толькі цуды могуць рабіць людзі з чыстай душою, і Купец ледзьве не аддаў жыццё праз свае хітрыкі.
Выдатная дэкламацыя артыстаў, музычнае суправаджэнне, дэкарацыі і касцюмы лялек дапамаглі данесці павучальны змест гэтых гісторый. Артысты “ўвайшлі ў ролю” і змаглі раскрыць характары герояў: змучанага галечай Сцяпана, крывадушнага Івана, ліслівай Бяды, знаходлівага і шчодрага Салдата, нямоглага Жабрака, хітрага і скупога Купца, усёўладнай і дзёрзкай Смерці. А на заканчэнне свята праспявалі песню “Вандроўныя артысты”, што надало добрага настрою і гледачам, і самім выканаўцам.
Вядучыя запрасілі наведваць “Батлейку” ўсіх, хто пажадае. Спадзяёмся, што ў наступным годзе мы разам зможам падрыхтаваць і паказаць не менш цікавыя і павучальныя гісторыі.
Кіраўнік лялечнага тэатра Місюля Н.Э.