Літаратурна-тэатральная імпрэза "Быў. Ёсць. Буду"
“Быў. Ёсць. Буду”. Так называецца апошні паэтычны зборнік Уладзіміра Караткевіча. Так назвалі сваю літаратурна-тэатральную імпрэзу вучні школы, якую падрыхтавалі разам з настаўнікам беларускай мовы і літаратуры Місюля Наталляй Эдмундаўнай. 85-годдзе з дня нараджэння славутага паэта, празаіка, драматурга У.Караткевіча шырока святкуецца па ўсёй краіне. У школе яго адзначылі 27 лістапада. Гледачамі былі вучні 7 – 10 класаў, а артыстамі – удзельнікі лялечнага тэатра “Батлейка”, а таксама вучні 8, 9, 10 класаў.
Паказаць шматграннасць таленту У.Караткевіча, успомніць асноўныя падзеі яго жыцця, нагадаць творы, якія вывучаюцца ў школе, і пазнаёміцца з новымі – такія задачы ставілі перад сабой удзельнікі імпрэзы.
Пад слайды відэапрэзентацыі”Старонкі сямейнага альбома” Дулінец Вадзім, вучань 8”Б” класа, расказаў пра дзяцінства пісьменніка, яго сям’ю і захапленні. Счастны Дзмітрый і Леднік Ганна, вучні 10 “Б” класа, праінсцэніравалі жартоўны верш “Як Стажары ў небе заззялі”. Вучаніца 8 “Б” класа Чурко Кацярына зацікавіла ўсіх трагічнай гісторыяй кахання Яна і паланянкі Марыі, эмацыйна прадэкламаваўшы “Паэму пра явар і каліну”,а 9-класніца Прахажаева Алена перадала захапленне У.Караткевіча родным краем праз цудоўнае чытанне верша “На Беларусі Бог жыве”.
Але самым незвычайным момантам імпрэзы стала выступленне артыстаў-лялечнікаў. Дзеці праінсцэніравалі вядомую казку У.Караткевіча “Нямоглы бацька”. Пры дапамозе пальчаткавых лялек вучні 7”Б” класа Пісарэнка Вольга (апавядальніца), Шылёнак Яўгеній (Пятро), Лаўрыновіч Віталій (Гнат), Кабылінскі Яўгеній (бацька), Толч Вадзім (Максім), Саланінка Дзіяна (велікан), Морхат Сняжана (дзеці) змаглі данесці да гледачоў аўтарскую ідэю – “шануйце дабрыню, хай і слабую; шануйце мудрасць, хай сабе нямоглую. Насіце на руках бацькоў”.
Не менш цікавай стала інсцэніроўка легенды “Лебядзіны скіт”, якую падрыхтавалі вучні 8”Б” класа. Галуза Анастасія, Ахвярдзіеў Уладзіслаў, Шарабайка Любоў, Дзялюкін Леанід, Уласава Анастасія, Лобан Анастасія, Пашковіч Карына паказалі пры дапамозе лялек спрэчку жорсткага хана Бату, мудрага паэта Юсуфі і самаахвярнага старца. Моцна любячы сваю радзіму, свой народ, старац вымаліў выратаванне для палонных. Усе ператварыліся ў белых лебедзяў, і Беларусь засталася свабоднай. Артысты ўмела раскрылі характары сваіх герояў,а дзякуючы настаўніку інфарматыкі Нікіфаровіч Алене Чаславаўне, якая падрыхтавала відэакадры татара-мангольскага нашэсця і палёту белых лебедзяў, быў створаны адпаведны настрой – трывожны, урачыста-ўзнёслы.
Адказная роля выпала вучням 8”Б” класа Рачынскаму Аляксандру і Сабіравай Эліне – вядучым свята. Зрабіць агляд творчасці У.Караткевіча, стварыць патрэбную эмацыйную атмасферу, з’яднаць у адно элементы выступлення, нарэшце, дапамагчы арганізаваць артыстаў і г.д. І з гэтымі функцыямі яны выдатна справіліся. Свята ўдалося! І ўдзельнікі, і гледачы зразумелі: У.Караткевіч, сапраўды, быў,ёсць і будзе, таму што жыве ў сваіх творах, пакінуўшы ў іх частку душы, а таму жыве і ў нашай памяці.